cb527180     

Давидович Сергей - Чалавек, Якi Глядзеў На Зоркi (На Белорусском Языке)



Сяргей Давiдовiч
Чалавек, якi глядзеў на зоркi
Якiм Каваль з маленства цягнуў свой воз. Пасляваенная галеча i галаднеча
змянiлiся пазней на перабiванне з хлеба на ваду. Якiм прыкладаў усе намаганнi,
з апошнiх сiл кiдаўся ва ўсе бакi, шукаў палёгку, але, як кажуць, толькi
часова паслабляў пятлю на шыi. Сiл заставалася ўсё меней, здароўе з узростам
пахiснулася, а "дабрабыт" якiм быў, такiм i заставаўся.
Якiм горка жартаваў:
- Вось я, Каваль, кую свой лёс... I што? Нястачы повен воз...
Але, кажуць, калi Бог затрымае сваё вока на некiм - лёс таго чалавека
робiцца шчаслiвым. Мусiць, Бог усё ж заўважыў Якiма Каваля i непрыкметна для
гэтага ўжо немаладога чалавека запалiў у ягонай душы сваю боскую iскру. Хутчэй
за ўсё так i адбылося, бо раптоўна Якiм, якi даўно апусцiў галаву i глядзеў
толькi сабе над ногi, - распрамiў плечы i заўважыў сонца i ўбачыў на начным
небе зоркi. Дзiва - але рука пацягнулася да паперы, i на ёй пачалi нараджацца
прадыктаваныя душой творы. Лiтаратурныя творы! Паэтычныя творы! Хлеба
па-ранейшаму не хапала, адзенне было старым i нэндзлым, затое душа адчула
крылы, i гэта зрабiлася галоўным у жыццi. Дзень быў непадобны на мiнулы дзень,
кожная ноч адрознiвалася ад той, што прайшла, новым, нечаканым творчым
здабыткам. Вакол была тая ж жыццёвая шэрасць, а Якiм Каваль быццам знаходзiўся
на цудоўным, казачным востраве. I такi востраў, сапраўды, iснаваў - востраў
творчасцi, востраў душэўнай узнёсласцi Якiма Каваля!
Будучы чалавекам даволi сталым, чалавекам, якi з'еў пуды горкай солi, Якiм
здагадаўся, што без боскай дапамогi тут не абышлося. Цi ж гэта магчыма: усё
жыццё без хлеба, а пад старасць - у неба! I Якiм шчыра i рэгулярна пачаў
наведваць царкву - хрысцiцца i выказваць падзяку Богу.
Пiсалася яму лёгка, "пладавiта" - кнiгi выходзiлi з друку адна за другой.
Задуманага i ненадрукаванага было яшчэ болей.
I яшчэ больш на аднаго шчаслiвага чалавека стала на зямлi!
Аднойчы Якiмавы думкi прымусiлi руку напiсаць твор, якi спалохаў самога
аўтара. Не тое каб надта спалохаў, але ў душу закралiся трывога, сумненнi -
навошта ж я так?!.
Якiм i сам не мог адказаць, як атрымалася так, што напiсаўся
богаадступнiцкi твор. Праўда, пасля наведванняў царквы ў Якiма i сапраўды
закралася падазронасць, што служыцелi храмаў боскiх самi не надта вераць у
тое, што прапаведуюць. Якiм злаваўся на сябе: "Якая мая справа? Няхай сабе не
вераць! Навошта ж я плюнуў у студню, якая мяне поiць?.."
Настрой псаваўся. Жыццёвая шэрасць блiжэй падступiла да казачнага вострава
Якiмавай творчасцi. Вiдаць, сам спакуслiвы д'ябал вадзiў Якiмавай рукой,
шаптаў яму ў вуха багахульшчыну...
Але справа зроблена. Твор надрукаваны. Узнёсласць пакiдала Якiма Каваля.
* * *
Лета, як кажуць, прайшло толькi паўдарогi. Краскi разбеглiся па лугах i
палях. Птушаняты вылецелi з гнёздаў, i ў птушак паявiлася больш вольнага часу
для спеваў.
У свой вольны час Якiм Каваль iмчаў у родную вёску, каб душой злiцца з
прыродай, з краскамi ў полi, з птушыным шчабятаннем.
Калi надышла субота, Якiм сабраўся, сеў на аўтобус i пакацiў у вёску.
Жонку на гэты раз чамусьцi не ўзяў, хоць тая таксама любiла вёску i сёння
прасiлася разам з мужам у дарогу. Нешта прымусiла катэгарычна адказаць жонцы:
"Я хачу пабыць адзiн!"
Жонка з неахвотай пагадзiлася - магчыма, будзе замiнаць яму ў творчай
працы - i засталася дома ў Менску.
Прыехаўшы ў вёску, Якiм заварыў каву i з асалодай пiў яе маленькiмi
глыткамi на верандзе. Думаў, як здавалася, аб усiм i нi аб чым.



Назад